КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс.чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял.кн.ВКЛ Ягайлы і вял.кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс.чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал.рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т.л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял.кн.ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.